ВИРТУАЛЬНЫЙ МУЗЕЙ ВОЗРОЖДЕНИЕ
Язэп Пушча
На пачатку лета 1930 года наша беларуская літаратура не далічылася групы таленавітых пісьменнікаў: яны былі рэпрэсаваны. Дайшла чарга і да нашага земляка з вёскі Каралішчавічы. Па злой волі было зламана і скарочана жыццё таленавітага беларускага паэта. Дваццаць восем гадоў вымушанага жыцця за межамі Беларусі, мінская турма, ссылка. Рэабілітаваны Язэп Пушча быў толькі ў 1956 годзе, а ў 1958 годзе пераехаў з сям’ёю ў Мінск.
За гэтымі скупымі звесткамі хаваецца вялікі боль паэта, туга па радзіме, жаданне ствараць, калі ствараць нельга.
Але паэт не быў зломлены. Пра гэта сведчаць яго творы, напісаныя ў час і пасля вымушанага выгнання. І зараз, перачытваючы яго творы розных гадоў, мы бачым, з якім замілаваннем апісвае паэт родныя для нас Каралішчавічы, якім сумам поўніцца яго сэрца ўдалечыні ад радзімы.
Нарадзіўся Язэп Пушча (Язэп Паўлавіч Прушынскі) 7 мая 1902 г. у вёсцы Каралішчавічы Мінскага раёна ў сялянскай сям’і Паўла Вікенцьевіча і Міхаліны Вікенцьеўны Плашчынскіх.
Лёс яго быў тыповым для вясковага хлопца. Спачатку — пастушок, затым — памочнік бацькам па гаспадарцы. «Я рана навучыўся араць і касіць і ў дванаццаць гадоў у касьбе амаль не адставаў ад дарослых, хоць фізічна і не быў моцным хлапчуком, але да касьбы здатным, — пісаў ён у аўтабіяграфічных нататках. — 3 адналеткамі сваімі і са старэйшымі любіў ездзіць на начлег. Асабліва ў часе жніва захаплялі мяне мелодыі жніўных песень, якія, здавалася, коцяцца і коцяцца з шумам спелых жытніх каласоў у чыстыя блакітныя далі. Нездарма ж гэта матывы маёй ранняй лірыкі».
А зімою — вучоба ў вясковай школе, затым у Мінскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, якое скончыў у 1917 годзе.
3 1918 па жнівень 1921 гады. Я. Пушча вучыцца ў Мінскім рэальным вучылішчы.
Хата Язэпа Пушчы ў вёсцы Каралішчавічы
Бацька Пушчы – Павел Плашчынскі, маці паэта.
Яго сястра Леакадзія Плашчынская і яе сын Стась
У жніўні 1921 г. Я. Плашчынскі становіцца настаўнікам у Каралішчавічах. Працаваць даводзілася ў толькі што створанай школцы, без зацверджаных праграм. Пра першыя свае крокі на ніве народнай асветы паэт піша ў аўтабіяграфіі так: «Запісалася аж 80 вучняў, а я адзін настаўнік на ўсю школу. Вучняў набралася на пяць класаў. Арганізаваў двухзменныя заняткі... Навучальных праграм не было, з аддзела народнай асветы школу ніхто не наведваў, і я сваім одумам праз два-тры месяцы пачаў выкладанне на беларускай мове ды яшчэ ўвёў нямецкую і французскую мовы, бо я, толькі што скончыўшы рэальнае вучылішча, больш-менш ведаў іх». Настаўніцкай справе паэт аддаўся на ўсе свае гады, з нязначнымі перапынкамі на студэнцтва і пошук працы пасля высылкі за межы Беларусі.
Пушча быў падхоплены бурлівай плынню жыцця. Пасля рэальнага вучылішча і працы настаўнікам вучыўся на курсах беларусазнаўства пры Наркамасветы БССР. Пасля іх заканчэння працаваў у Мазырскім і Мінскім аддзелах народнай асветы і выкладаў мову і літаратуру ў школах і на курсах. Кастрычнік прынёс працоўнаму беларусу нацыянальнае абуджэнне. Я. Пушча хутка адчуў свежыя павевы ў культурным жыцці. Ужо ў 1918 г. юнак прачытаў першую кніжку на роднай мове — купалаўскі зборнік «Шляхам жыцця». У 1920 г. адбылося знаёмства Я. Пушчы з М. Чаротам. Дружбай з ім будзе даражыць усё жыццё. Падчас вучобы на дзесяцімесячных курсах па беларусазнаўству з захапленнем слухаў Я. Купалу, Я. Коласа, 3. Бядулю.
За працай
У рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», рэдактарам якой у той час быў Міхась Чарот, аднойчы сустрэліся Алесь Дудар, Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Язэп Пушча, Міхась Зарэцкі. Нарадзілася ідэя стварэння першай літаратурнай арганізацыі «Маладняк». Няўрымслівы, малады і энергічны Міхась Чарот горача ўзяўся за гэтую справу. У 1923 годзе ініцыятыўная група маладых пісьменнікаў абвясціла сваю дэкларацыю.
Члены “Маладняка” Н. Чарнушэвіч,
А. Бабарэка, А. Гурло, А. Вольны, М. Зарэцкі,
Я. Пушча, А. Александровіч
«Маладняк» — гэта была масавая літаратурная арганізацыя, якая гуртавала ў сваіх шэрагах маладыя здольныя літаратурныя сілы. Адбывалася паглыбленне псіхалагічнага аналізу ў літаратуры, засваенне ёю не толькі рэалістычнага стылю, які абапіраўся на шматвяковыя традыцыі пісьмовага і вуснага вобразнага слова, але і стылю мадэрнісцкага.
Філіялы “Маладняка” былі ва ўсіх буйных гарадах Беларусі, згуртаваўшы да 1926 года каля пяцісот чалавек.
Станаўленне таленту маладога Я. Пушчы, натуральна, ішло ў рэчышчы маладнякоўскай паэзіі, хоць яго творчасць мела і шмат свайго, адметнага, своеасаблівага.
Ва ўступным артыкуле да кнігі Я. Пушчы Сяргей Грахоўскі пісаў: «Многае з напісанага ў 20-я гады цяпер здаецца наіўным і кволым. Але так, як дзеці шануюць і любяць сваіх бацькоў, так і мы павінны памятаць і шанаваць тых, хто пракладваў першыя барозны на ніве беларускай савецкай паэзіі, хто стаяў каля яе вытокаў. Язэп Пушча быў адным з першых».
У 1925 годзе Язэп Пушча паступае на вучобу ў Беларускі дзяржаўны універсітэт, а ў 1927 годзе хадайнічае ва ўрад Наркамасветы БССР аб пераводзе яго на вучобу ў Ленінградскі універсітэт.
Кожны год у час канікулаў паэт заўсёды прыязджаў у сваю родную вёску Каралішчавічы.
Жонка Язэпа Пушчы Станіслава Плашчынская ўспамінае аб тым, як шмат працаваў Язэп Пушча ў гэты час: “...Бачыліся мы з Язэпам мала: лекцыі, бібліятэка, часам дыспуты, цікавыя сустрэчы з Максімам Горкім, Уладзімірам Маякоўскім, калі яны прыязджалі ў Ленінград у Дом літаратара.
Прыходзіў змораны. Павячэраем. Крышку адпачне, пагуляе з дзіцем. І садзіцца за працу, за вершы, пісаў шмат. А мне таксама сумна, часам і паплачу...”
Жонка Язэпа Пушчы
Язэп Пушча, 1929 г.
Актыўная натура Я. Пушчы ў часы агульнага паскоранага руху ў развіцці грамадства, якімі і былі 20-я гады, спрыяла яшчэ больш хуткаму росту яго грамадзянскай свядомасці, паглыбленню светапогляду, творчай эвалюцыі. Яго новы светапоглядны ўзровень, як і К. Чорнага, К. Крапівы, А. Бабарэкі, У. Дубоўкі, выявіўся перш за ўсё ў выхадзе з «Маладняка», ва ўтварэнні імі новага літаратурна-мастацкага аб'яднання «Узвышша», у аснове канцэптуальных прынцыпаў якога ляжала формула: «Тварыць не камандаю, а культураю» (А. Бабарэка).
Сябры аб’яднання “Узвышша”
Сядзяць: Т. Кляшторны, П. Глебка, В Шашалевіч, К. Крапіва, З. Бядуля,
Я. Пушча, А Бабарэка, К. Чорны.
Стаяць: М. Лужанін, А. Адамовіч, У. Дубоўка, У. Жылка, С. Дарожны, 1926 год.
Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, П. Глебка, К. Чорны,
З. Бядуля, Ян Райніс, К. Крапіва, 1926 г.
Язэп Пушча – дырэктар
Чаадаеўскай сярэдняй школы, 1947 год.
Побач з жонкай
Дачка паэта Галіна. Мінск, 1931 г.